Супярэчнасці лінгвістычнага вывучэння афарызма
Яўген Яўгенавіч Іваноў · Electronic Library of Belarusian State Technological University (Belarusian State Technological University) · 2026
Даследаванні моўнай прыроды афарызма вельмі стракатыя паводле сваіх аспектаў, а таксама часта маюць дыскусійны характар з прычыны суіснавання прынцыпова розных падыходаў да кваліфікацыі і апісання афарыстычных адзінак як аб’екта лінгвістыкі. У артыкуле прадстаўлены агляд асноўных тэарэтычных і метадалагічных супярэчнасцей у сучасным лінгвістычным апісанні афарызма. Мэта даследавання – акрэсліць існуючыя супярэчнасці і вызначыць дыскусійныя тэарэтычныя і метадалагічныя асаблівасці мовазнаўчага апісання афарызма (на матэрыяле каля 2000 навуковых прац, прысвечаных лінгвістычнаму вывучэнню афарыстычных адзінак у розных мовах на падставе разнастайных крытэрыяў). У выніку даследавання ўстаноўлена, што асноўныя супярэчнасці ў вызначэнні афарызма як лінгвістычнага аб’екта звязаны з неаб’ектыўным акрэсленнем яго ўласна моўных уласцівасцей, недакладным размежаваннем яго навуковага і звычайнага разумення, недастатковай дыферэнцыяцыяй яго лінгвістычнай і літаратуразнаўчай інтэрпрэтацый, абмежаваннем яго апісання нацыянальнымі традыцыямі ў мовазнаўстве. Асноўныя супярэчнасці ў галіне ўласна мовазнаўчага апісання афарызма звязаны з адсутнасцю агульнапрынятага вызначэння афарызма як моўнай адзінкі, тэарэтычна абгрунтаванага размежавання афарыстычных, фразеалагічных і парэміялагічных адзінак, дакладных крытэрыяў дыферэнцыяцыі якасці афарыстычнасці ў дачыненні да свабодных і ўстойлівых фраз (выказванняў), агульнага метадалагічнага падыходу да вывучэння моўнай прыроды афарызма. Нягледзячы на недакладнасці і супярэчнасці лінгвістычнага разумення афарызма, можна сцвярджаць, што шырыня праблематыкі яго вывучэння, грунтоўнасць і глыбіня асобных інтэрпрэтацый яго ўласцівасцей і асэнсавання яго месца ў шэрагу звышслоўных адзінак дасягнулі на сённяшні дзень той мяжы, калі рознабаковыя і рознааспектныя даследаванні можна разглядаць як эпістэмалагічна гамагеннае адгалінаванне мовазнаўчых ведаў – лінгвістыку афарызма. Перспектыўным у гэтай сувязі з’яўляецца рэтраспектыўны і эпістэмалагічны аналіз ведаў аб афарызме як выніку маўленча-мысленчай дзейнасці, як літаратурным жанры, як малой фальклорнай форме, як маўленчай формуле і як устойлівай у маўленні адзінкі
Cited by 0 works. doi:10.52065/2520-6729-2026-303-9